«ТЭНЕ́КА ІНК.»
(Tenneco Inc.),
адна з буйнейшых шматпрофільных карпарацый ЗША. У розныя гады вытв-сць уключала буд-ва ваенна-марскіх суднаў, у т. л. атамных падлодак, авіяносцаў; запраўку атамных караблёў ядзерным палівам; рамонт і аднаўленне ўсіх тыпаў суднаў; буд-ва вял. грузавых суднаў, ядзернага абсталявання, абсталявання для ГЭС; разведку, здабычу і ачыстку нафты і газу; буд-ва газаправодаў; выпуск с.-г. і дарожна-трансп. машын і абсталявання, кампанентаў грузавых і легкавых аўтамабіляў, буд. канструкцый, інструментаў, нафтапрадуктаў, хім. і с.-г. прадукцыі, упаковачных матэрыялаў; страхавыя аперацыі і інш.
Утворана ў 1943 пад назвай «Тэнесі гэс энд трансмішэн»; у 1961 набыла кампанію «Бей петролеум» і змяніла назву на «Тэнека ойл». З 1966 сучасная назва. У 1999 «Т.і.» падзялілася на кампаніі «Пектыў карпарэйшэн» (упаковачныя матэрыялы, дысплеі, маніторы і інш.) і «Тэнека атаматыў інк.» (дэталі для аўтамабіляў: эл. абсталяванне, амартызатары, глушыцелі і інш.), якія маюць шматлікія даччыныя кампаніі. Штаб-кватэра іх у г. Лейк-Форэст. У вытв-сці занята 23,2 тыс. чал. (1999).
М.Б.Жукава.
т. 16, с. 127
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)